ТУРГА́ЙСКАЯ ЛАГЧЫ́НА, Тургайская даліна,
эразійна-тэктанічная лагчына з плоскім дном, якая перасякае з Пн на Пд Тургайскае плато, злучае раўніны Зах. Сібіры і паўн. ч. Туранскай нізіны, у Казахстане. Даўж. каля 800 км, шыр. 20—75 км, выш. да 125 м. Адпавядае восевай зоне Тургайскага прагіну. Складзена са старажытнаалювіяльных і азёрна-алювіяльных адкладаў. Дрэніруецца рэкамі Убаган (на Пн) і Тургай (на Пд). Шмат мелкаводных салёных азёр. На Пн — стэпы, на Пд — паўпустыні, якія выкарыстоўваюцца як паша. На тэр. Т.л. — Наурзумскі запаведнік.
т. 16, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)